Сегодня 22 Апреля, Воскресенье
Дата последнего обновления: 22 Апреля 2018 года 03:49

Официальные ресурсы


      
Пад лічбай 100

У кнізе рэгістрацыі запісаў актаў аб нараджэнні аддзела загса Маларыцкага райвыканкама днямі з’явіўся соты запіс. У юбілейны для органаў загса год гэта стала добрай нагодай, каб запрасіць сям’ю маларытчан Таццяны Мікалаеўны і Вячаслава Іванавіча Абрамукоў з іх нованароджанай дачушкай Паулінай у залу правядзення ўрачыстасцей на свята імянарачэння.


Са снежня 2014 года Таццяна і Вячаслаў, якія гадавалі сваіх чацвёра дзяцей, сталі бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Іх сям’я значна павялічылася. Вось і цяпер у ёй выхоўваецца сем прыёмных дзетак. На ўрачыстасць з нагоды нараджэння маленькай Паулінкі, каб падзяліць з бацькамі радасць, пажадалі прыйсці ўсе – і родные дзеці, і прыёмныя.

- З’яўленне на свет маленькага чалавека змяніла ваша жыццё. Любоў, абавязак, сям’я – такія простыя, знаёмыя словы, але колькі за імі радасцяў і трывог. Без дзяцей чалавек не можа адчуць усю паўнату шчасця. Нарадзілася дзіця, і ў вашу сям’ю прыйшлі новыя клопаты і чаканні. Цяпер Вы адказваеце не толькі адзін за аднаго, за сваіх старэйшых дзетак Валерыю, Уладзіслава, Вольгу, Канстанціна, за семярых дзяцей, якія знаходзяцца на вашым выхаванні - Ілью і Рамана Мурашка, Ілью Цярэшка, Сяргея Калдыбіна, Альберта Рабчанюка, Анжаліку Ярашук, Алену Зінчук, але і за пакуль зусім бездапаможную нованароджаную дачушку. Вы – першаадкрывальнікі яе жыцця і шчасця, - звярталася да Вячаслава і Таццяны начальнік аддзела загса Наталля Камянчук.

Нараджэнне дзіцяці, падкрэслівала Наталля Мікалаеўна, важная падзея не толькі для сям’і, але і для ўсяго грамадства. З першых дзён дзяржава бярэ на сябе клопат аб дзецях. І важным прызнаннем правоў новага чалавека з’яўляецца дзяржаўная рэгістрацыя нараджэння. Пад дружныя апладысменты, якія, між іншым, нават не разбудзілі галоўную гераіню ўрачыстасці,  бацькі, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, паставілі подпісы у  запісе акта аб нараджэнні і атрымалі пасведчанне - першы дакумент сваёй маленькай дачушкі.

Імя – гэта першы падарунак, які прыпадносяць бацькі свайму дзіцяці. Менавіта па іх жаданні нованароджаная атрымала імя Пауліна. Гэтае імя, як адзначала Наталля Мікалаеўна, - мае старажытнарымскія карані і ідзе ад слова “паулус”, што значыць “маленькая”, “сціплая”. Але не імя праслаўляе чалавека, а чалавек – сваё імя. А таму ўсе жадалі Паулінцы стаць годным чалавекам, гонарам таты і мамы.

Павіншаваць шчаслівых бацькоў з нараджэннем дачушкі жадалі многія. Ад імя раённай ўлады здароўя, шчасця, дабрабыту вялікай сям’і пажадаў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны. Папаўненне ў сям’і, дзе бацькі добра выхоўваюць не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей, як адзначыў Вадзім Паўлавіч, гэта яшчэ адзін доказ бескарыслівай любові да дзяцей.

Вялікая сям’я – гэта радасць для ўсіх і толькі ў сям’і дзіця можа адчуць сябе шчаслівым, - віншуючы Таццяну Мікалаеўну і Вячаслава Іванавіча з важнай падзеяй, адзначала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, у то жа час, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Лаўрэенка. Не засталося ў баку і такое грамадскае аб’яднанне, як “Белая Русь”. Старшыня яго, Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, перш чым уручыць маленькай жыхарцы Маларытчыны Пауліне Абрамук сімвалічны падарунак – камплект для нованароджанага з вышытымі элементамі ўзора Маларыцкага строя, заўважыў, што патрыятычнае выхаванне пачынаецца з сям’і, з той зямлі, дзе нарадзіўся, і такая вопратка для нованароджанай Пауліны - гэта сімвал яе дачынення да Маларытчыны.

Шчырыя віншаванні атрымлівалі бацькі і ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Старшыня яе, Людміла Бурштын, добра ведаючы Таццяну і Уладзіслава Абрамукоў, як бацькоў, дзеці якіх наведваюць першую гарадскую школу, дзе яна працуе настаўніцай, выказвала ім ўдзячнасць за пастаянную сувязь са школай, добрае выхаванне дзяцей і жадала, каб сімвал нашай краіны - бусел і далей не абмінаў іх дом.

З падарункамі для сям’і завітала на ўрачыстасць і начальнік аддзела маркетынгу і рэалізацыі Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната, член праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Інеса Іванова. Прыемнымі сюрпрызамі для дзяцей сталі кніжкі-размалёўкі і блакноты ад “Таптышкі”. А яшчэ сям’я атрымала пачастункі – сокі і пюрэ дзіцячага харчавання ад маларыцкіх вытворцаў.

Як такая ўрачыстасць магла абысціся без агульнага здымку? Ён адлюстраваў радасць, якую падзялілі разам з бацькамі ўсе ўдзельнікі ўрачыстага абраду рэгістрацыі маленьнай Пауліны – народжанага ў юбілейны для  органаў загса 2017 год сотага новага жыхара горада Маларыта.

 


    


     


     



Святлана МАКСІМУК. НА ЗДЫМКАХ: у час урачыстай рэгістрацыі нованароджанай Пауліны Абрамук.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.